
Вершы-прысвячэнні

Басуматрава, С. Настаўнікам і сябрам / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 2013. — 27 лютага. — С. 16.
Аўрамчык Мікола

(14 студзеня 1920, в. Плёсы, цяпер Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць — 8 мая 2017, Мінск) — беларускі паэт, пісьменнік, перакладчык.
Валошын Максіміліян

Максіміліян Аляксандравіч Валошын
(прозвішча пры нараджэнні — Кірыенка-Валошын; 16 [28] мая 1877, Кіеў, Расійская імперыя — 11 жніўня 1932, Кактэбель, Крымская АССР, РСФСР) — рускі паэт, перакладчык, мастак-пейзажыст, мастацкі і літаратурны літаратурны крытык.
Ты месца пахавання
Выбраў сам
Над хвалямі марскімі,
На вяршыні.
Малы грудок,
Адкрыты ўсім вятрам,
Хаваецца
У паднябеснай сіні.
Меў рацыю.
Калі б схавалі прах
У людным месцы,
Кожны б
Тупаў міма:
Той – з сумам,
Той – з цікаўнасцю ў вачах,
Той – з поснай,
Абыякаваю мінай.
А вось сюды,
На гэту вышыню,
З сабой узяўшы
Памяць і адвагу,
Ўзыходзіць,
Каб парушыць цішыню,
Той, хто нясе
Сапраўднаю павагу.
Басуматрава, С. Ты месца пахавання… : памяці М. Валошына : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч-далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 102.
Высоцкі Уладзімір

(25 студзеня 1938, Масква, СССР — 25 ліпеня 1980, Масква) — рускі музыкант савецкага перыяду, акцёр, паэт, аўтар сотняў песень на ўласныя вершы.
Абселі трутні
Спрэс будынкі-вуллі,
Цягнік дзяржаўны
Рухаўся ў тупік.
Ён папярэджваў,
Толькі, каб пачулі,
Патрэбен быў амаль звярыны
Крык.
–Ён крымінальны!
Ён элементарны!
Ён шкодны!
Не пускаць! Забараніць!
…А ён хрыпеў
Пад перабор гітарны,
Да нашых душ
Працягваючы ніць
Ад перагрузак
Падступала млоснасць,
А ён будзіў
Глухую цішыню
І да вяршыні з назваю
“Галоснасць”
Пракладваў нам, наступнікам,
Лыжню.
Ён пагарджаў
Хлуснёй гнілых рэцэнзій,
Як звычкай
Берагчыся ад прастуд.
І знешні ёсць,
І ўнутраны ёсць цэнзар.
Сумленне –
Вось адзіны строгі суд.
Пра ўласную не думаючы
Долю,
Ён вены рваў у горле
Да крыві.
Пакуль яны не лопнулі
Ад болю,
Ад гневу, ад адчаю,
Ад любві.
Ёсць творцаў шмат
Заслужаных, народных.
І ёсць каму
На змену ім прыйсці.
Не трэба толькі прэмій
Пасмяротных.
Шануйце, людзі, талент
Пры жыцці!
Басуматрава, С. Абселі трутні : памяці Уладзіміра Высоцкага : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч-далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 15—16.
Грахоўскі Сяргей

(12 (25) верасня 1913, с. Нобель, Пінскі павет (Расійская імперыя), Мінская губерня, цяпер Зарэчненскі раён, Ровенская вобласць, Украіна — 11 снежня 2002, Мінск) — беларускі паэт, празаік і перакладчык.
Здаецца, што стракаты сцяг
Узняты.
Дажджынкі, як слязінкі,
На лістах.
Калі спрабуюць крылы
Птушаняты,
У небе з імі
Мудры дужы птах.
Ён у паветры восеньскім
Хмялее,
Крыху зайздросціць
Юным галасам.
Ягоны лёс –
Вучыць таму, што ўмее,
Тлумачыць тое,
Што спасцігнуў сам.
Вясна дае жыццё
Ў калысках сосен,
А лета – спеў
З удзячнасцю цяплу.
Ды ўрэшце толькі восень,
Толькі восень
Дае размах
І ўпэўненасць крылу.
Басуматрава, С. Здаецца, што стракаты сцяг… : Сяргею Грахоўскаму : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Званы челавечнасці : вершы. — Мінск, 1988. — С. 102.
Дайнека Леанід

(28 студзеня 1940, в. Змітраўка 2-я, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць — 21 жніўня 2019, Мінск) — беларускі пісьменнік.
Ткала журбой няволя
Слуцкія паясы.
Іх золата – з роднага поля
Жытнія каласы.
Маўклівыя беларусы
Цярплівыя да пары…
– З табой, сінявокі і русы,
Даўнія мы сябры.
Рэдкія нашы стрэчы.
Стрэнемся незнарок,
Прыкмечу: прыгнуліся плечы
І пацяжэў твой крок.
У цыгарэтным дыме
Стомленым здасца твар.
– Запомнім сябе маладымі,
Дзёрзкасць юнацкіх мар!
Часам няроўна дзеліць
Той, хто завецца “бог”.
А ты не губляў надзеі,
Многае перамог.
Светлая твая доля.
Светлыя валасы.
Сыны твае – роднага поля
Жытнія каласы.
Басуматрава, С. Ткала журбой няволя… : Леаніду Дайнеку : [верш] // Басуматрава, С. Званы челавечнасці : вершы. — Мінск, 1988. — С. 66—67.
Друніна Юлія

(10 мая 1924, Масква — 21 лістапада 1991, Масква) — савецкая паэтэса.
Мне не да густу слова “паэтэса”,
Зайздрошчу на кароткае “паэт”.
Нямала з дня стварэння бачыў свет
Землетрасенняў, войнаў, іншых стрэсаў.
І сярод іх – Вялікай той Айчыннай
Асмяглыя крывавыя палі.
У ботах і суконным шынялі
Палямі тымі крочыла жанчына,
Што ў полымі ваенных зім і лет,
Як на вушанцы зорачцы салдацкай,
Як горкай клятве над магілай брацкай,
Не здрадзіла кароткаму “паэт”.
…Калі рука хвалюецца – пішы,
І вабіць чыстым аркушам світанне,
Ўсплывае твар жаночы, як пытанне:
А ці хапіла б сіл тваёй душы
З народам быць у дні трывог і бед,
На гэты свет глядзець яго вачыма,
Ахвяраваць усім жыццём, магчыма,
За гэтае кароткае – “паэт”…
Басуматрава, С. Мне не да густу слова «паэтэса» : Юліі Друнінай : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Белая Бярэзіна : вершы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. — С. 24—25.
Караткевіч Уладзімір

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
(26 лістапада 1930, Орша — 25 ліпеня 1984, Мінск) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.
На каляным
Калінавым вецці
Палымяныя гронкі
Гараць.
Ладзіць гуслі нябачныя
Вецер –
Старажытную
Песню зайграць.
Цёплы шалік
Накіну на плечы,
Сяду моўчкі
Бліжэй да агню.
Успаміны
Аб даўняй сустрэчы
Ад сябе я
Дарэмна ганю.
Зноў душа,
Нібы плотачка ў нерат,
У шчымлівы трапляе
Палон.
…Каб жыццё сваё
Ведаць наперад, –
Ды нікому
Той шлях не відзён.
Не бушуюць
Раўнінныя рэкі,
Ды пад вербамі
Кружаць віры…
Адышоў ты
На вечныя векі
Ці пайшоў на плытах
Па Дныпры…
Толькі знік
За крутым паваротам,
Наўздагон
За нязбытнай вясной.
…За балотам,
За чуйным чаротам
Лес цямнее
Зубчастай сцяной,
Нібы замак той чорны
З падання.
Ходзяць здані
Сівых аблачын.
Гэта – родная
Аж да рыдання,
Сэрцу блізкая
Далячынь.
Басуматрава, С Блізкая далячынь : памяці Уладзіміра Караткевіча : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч-далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 54—55.
Купала Янка

Янка Купала, сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч
(25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай воласці (цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) — 28 чэрвеня 1942, Масква) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.
Зорка Купалы
Светлая мара яго не прапала,
Яснаю зоркай гарыць над зямлёй.
Полем нябачна праходзіць Купала,
Дыхае прагна вясновай раллёй.
Чуе – звініць сенажацямі лета,
Бачыць – шуміць залатое жніво.
Свеціцца твар дарагога паэта,
Роднасць усмешкі, крутое брыво.
Імя чытае сваё над будынкам,
Ў залу ўваходзіць, нябачны нікім.
Зноў над панамі смяеца Паўлінка,
Блізкую буру прадбачыць Якім.
Кветку шукаў на купалле Купала.
Шчасце народу хацеў падарыць.
Папараць-кветка, што з лесу прапала,
Зоркай Купалы на небе гарыць.
Басуматрава, С. Зорка Купалы : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Кветкі палявыя : кніга паэзіі. — Мінск, 1985. — C. 9—10.
Лось Еўдакія

(1 сакавіка 1929, в. Старына, Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 3 ліпеня 1977, Мінск) — беларуская паэтэса.
На папары увосень прыходзіць
Горкі роздум нясеяных траў…
Паэтэсы, як зоркі, ўзыходзяць
Над штодзённай будзённасцю спраў.
Хай зайздроснік дакучліва ные,
Хай пашляк пералічыць грахі.
Паэтэсы, як зоркі зямныя,
Асвятляюць крутыя шляхі.
Дапамогуць, ад сэрца параяць
Тым, у кім адчуваюць працяг.
Паэтэсы, як зоркі, згараюць,
Боль уласны стаіўшы ў грудзях.
І не лёгкага лёсу шукаюць,
Калі зноў пакідаюць жытло.
…Паэтэсы, як зоркі, знікаюць,
На зямлі пакідаюць святло.
Басуматрава, С. На папары увосень прыходзіць... : памяці Еўдакіі Лось : [верш] / Святлана Басуматрава // Дзень паэзіі – 82 / укладальнік П. Макаль. — Мінск, 1982. — С. 80—81.
Лучанок Ігар

(6 жніўня 1938, Мінск — 12 лістапада 2018, Мінск) — беларускі кампазітар і педагог.
Лагодзіць слых сялянская гаворка,
Вяртаецца з напевам даўніна,
І Мар’інай завецца ваша Горка,
Хоць Мар’і той на свеце ўжо няма.
О не, не замуціліся вытокі,
І з-пад карэння б’е святло крыніц.
Пульсуюць зноў абуджаныя сокі
У голлі, што схіляюць вербы ніц.
Век прасніцы, век сошкі і лучыны
Мінуўся, ды як чысты ручаёк,
У мора гукаў сонечнай Айчыны
Лірычнай нотай льецца Лучанок.
Я пад яе ўсміхнуся, і заплачу,
І трапяткія вершы напішу.
…Няхай сабе я ў вочы вас не бачу,
Я чую вашу спеўную душу.
Басуматрава, С. Лагодзіць слых сялянская гаворка : Ігару Лучанку : [верш] // Басуматрава, С. Званы челавечнасці : вершы. — Мінск, 1988. — С. 131.
Макаёнак Андрэй

(12 лістапада 1920, в. Борхаў, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць — 16 лістапада 1982, Мінск) —
беларускі драматург.
Вуліца Макаёнка
Прайсці,
Не запаволіўшы хады,
Я не магу
Пад гэтаю таблічкай.
Як сонца ўранку
Устае з вады,
Так усплывае з памяці
Аблічча.
Смяяўся
Гэтак шчыра пры жыцці –
Нябожчыкам
Назваць яго няёмка.
І вось цяпер
Даводзіцца ісці
Па вуліцы
Андрэя Макаёнка.
У кажушку,
Відаць, з сяла, стары,
Пастукаўшы
Валёнкам аб валёнак,
Бурчыць пад нос,
Чытаючы ўгары:
– Хто ж быў, цікава,
Гэты Макаёнак?
А ён, калі б пачуў, –
Не зазлаваў,
У позірку б схаваў
Гарэзна ўсмешку.
Вось з гэткага ж старога
Змаляваў
Аднойчы ў “Трыбунал”
Свайго Цярэшку.
Мужык вясковы,
Той чытаў не шмат
Разумных кніжак.
Ды ці ён адзіны?
Пад кожнай жа са стрэх
Сялянскіх хат
Жыла навука
Вернасці Радзіме.
Ідзі, стары,
Купляй, сталічны госць,
Прысмакі, сушкі,
Новыя анучы.
А Макаёнак…
Ён не быў, ён – ёсць.
Ён – наш, палескі.
Ён, браток, жывучы.
***
Ціхім жарам позніх журавін
Адгарэлі купіны ў балоце.
Недзе ля Журавіч у самоце
Ліст апошні падае з галін.
Адквітней юнацтва белы сад,
Маладосці яблык пракаціўся.
З лістападам ты на свет з’явіўся,
І пайшоў навечна ў лістапад.
Міма, не крануўшы твой спакой,
Пройдуць навальніцы і навіны.
Цяжкая, бы века дамавіны,
Хмара навісае над ракой.
І бягуць па кладцы хлапчукі,
– Гэй, Андрэй! – равесніка гукаюць.
…Жураўлі за хмарай узнікаюць,
Быццам несмяротныя радкі.
Басуматрава, С. Вуліца Макаёнка : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч-далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 52—53.
Басуматрава, С. Ціхім жарам позніх журавін... : памяці Андрэя Макаёнка : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Званы челавечнасці : вершы. — Мінск, 1988. — С. 122.
Мацяш Ніна
Над палеткам даспелым
Займаецца жніўнае ранне,
І абапал дарогі –
Каласістае жыта сцяной.
Мы ў палоне прызвання,
Нас аднойчы знаходзіць прызванне,
Ды яно нам даецца
Дарагою занадта цаной.
Быццам вочы твае,
Васількі на шырокім узмежку.
Беларускае поле –
Яно наша песня і лёс.
Вельмі добра, калі
Твой радок абуджае усмешку.
Удвая даражэй,
Калі дорыць узвышанасць слёз.
Чалавечыя душы,
Нібы лебядзіныя шыі,
Што бялеюць у змроку
Скрозь голле азёрнай лазы.
Вабіць іх вышыня.
Тыя душы табе не чужыя,
Калі з словам тваім
Ачышчальнай глынулі слязы.
Дарагая мая,
Мы надзеі губляць не павінны.
Нам стаяць да канца
І свае вышыні не здаваць.
Нам смяяцца і плакаць
І да самай апошняй хвіліны
Па крывінцы, па слёзцы, па ўздыху
Сябе аддаваць.
Басуматрава, С. Над палеткам даспелым… : Ніне Мацяш, прачытаўшы “Паэму жніва” : [верш] / Светлана Басуматрава // Басуматрава, С. Званы челавечнасці : вершы. — Мінск, 1988. — С. 94—95.
Машэраў Пётр

сапраўднае прозвішча Машэра (13 (26) лютага 1918, в. Шыркі, Сенненскі раён — 4 кастрычніка 1980, Смалявіцкі раён, Мінская вобласць) — беларускі партыйны і савецкі дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў часы Вялікай Айчыннай вайны. 1-ы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі (1965—1980).
Басуматрава, С. Ля дрэва, пасаджанага Машэравым : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч-далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 8—9 ; Бабруйскае жыццё. — 2003. — 25 лютага. — С. 3.
Міцкевіч Адам

Панчанка Пімен
Басуматрава, С. Да роднай зямлі прапісаны : да 70-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі : [верш] / Святлана Басуматрава // Магілёўская праўда. — 1987. — 22 жніўня.
Басуматрава, С. Пасляюбілейнае Пімену Панчанку : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч-далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 5—7 ; Камуніст. — 1988. — 30 студзеня. — С. 3.
Пысін Аляксей
