top of page

Біяграфічная даведка

1996 БК 1996.11.22.jpg

Нарадзілася Святлана Басуматрава 22 лістапада 1946 года ў Мазыры Гомельскай вобласці ў сям'і служачых. Бацька, Міхаіл Аўрамавіч, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, працаваў аграномам. Маці, Валянціна Аляксандраўна, настаўніца. Дзяцінства прайшло на Магілёўшчыне.

З маленства Святлана пачала знаёміцца з літаратурай, з вершамі класікаў і нават пісаць сама. У 1958 годзе сям'я выехала на цалінныя землі ў пасёлак Паспеліха Алтайскага краю, у 1962 годзе пераехала ў Баранавіцкі раён.

Пасля заканчэння школы ў 1964 годзе працавала старшай піянерважатай Вольнаўскай васьмігадовай школы пад Баранавічамі. У 1965 годзе Святлана Басуматрава паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Правучыўшыся год, перавялася ў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага (1966–1969). На трэцім курсе, у сувязі са смерцю бацькі, пакінула вучобу, вярнулася да маці. У 1969–1971 гг. працавала ў саўгасе "Савіцкі" Баранавіцкага раёна, выкладала беларускую і нямецкую мовы ў Крывошынскай і Федзюкоўскай сярэдніх школах Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. З 1972 г. працавала ў Бабруйску на швейнай фабрыцы, камбінаце будаўнічых матэрыялаў, на радыё і ў прэсе. У 1986 г. скончыла завочна Маскоўскі літаратурны інстытут. Друкавацца пачала з 1960 года. У 1982 годзе стала членам Саюза пісьменнікаў БССР. З-пад яе пяра выйшла некалькі паэтычных зборнікаў, якія перавыдаваліся і ў Мінску, і ў Маскве. Вершы Святланы Басуматравай шмат у чым аўтабіяграфічныя: аб адданасці, здрадзе, нялёгкай жаночай і мацярынскай долі, аб дружбе, любові да роднага горада, Радзімы, прыроды.

Аўтар кніг паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988), «Далеч-далячынь» (1991).

У 2014 годзе стала лаўрэатам прэміі імя Алеся Пісьмянкова за дасягненні ў галіне літаратуры.

Памёрла 29 мая 2016 года.

bottom of page