top of page

Творчы шлях

Першы верш Святланы Басуматравай “Любімай настаўніцы” быў напісаны ў 1960 годзе на рускай мове і надрукаваны ў паспеліханскай раённай газеце “3а урожай” Алтайскага краю.

Яна аўтар кніг паззіі “Белая Бярэзіна” (1981), “Кветкі палявыя” (1985), “3ваны чалавечнасці” (1988), “Далеч – далячынь” (1991).

Першы паэтычны зборнік Святланы Міхайлаўны “Белая Бярэзіна” выходзіць у 1981 годзе. Ён нібы геаграфічна падкрэсліў прывязку аўтара да берагоў Бярэзіны, да Бабруйска, які стаў для Святланы Басуматравай другой радзімай. Сама назва гаворыць пра тое, што пісала Святлана Басуматрава пра прыроду, пра родны кут, пра незабыўныя ўражанні-сустрэчы, пра ўзаемаадносіны маладых людзей. Гэты зборнік – асэнсаванне свайго «Я» i вяртанне да каранёў.

Яраслаў Клімуць сцвярджае, што асацыятыўнасць паэзii ў зборніку “Белая Бярэзіна” Святланы Басуматравай крыху незвычайная, але разам з тым i зразумелая, зямная. Дзве прыродныя з’явы – дрэва i рака ў поўным супадзеннi злiваюцца ў адну назву Бярэзiна. I гэта выклiкае адпаведнае ўспрыняцце суладнасцi. Там, на ўлоннi прыроды, пад лагодны плёскат хваль можна адпачыць душой, успрыняць, як свой, i светапогляд паэткi, i настрой паэтычнага твора. Бо менавiта у такiх асяродках заўсёды нараджалася Сама Паэзiя.

“Пад акном Бярэзiна цурчыць,

Каля хаты клён зялёным птахам,

Хата наша, хоць i з новым дахам,

На старым фундаменце стаiць.

 

Дастаю з пiсьмовага стала

Кiпу фатакартак i партрэтаў.

…Ў родзе не было у маiм паэтаў,

Але ў iм паэзiя жыла.”

(урывак з верша “У родзе не было маім паэтаў…”).

 

Паэзiя жыве у кнiгах С. Басуматравай. Кожная жыццёвая з’ява ў вершах яе знаходзіць адэкватнае адбiццё і прымушае чалавека па–новаму паглядзець на звычныя рэчы. Пра што б не гаварылася: і пра дзеда Маковіча, якому вельмі хацелася, каб яго працавітая радаслоўная мела слыннасць не меншую, як у князёў; і пра начную змену, якой ганарышся, бо нешта добрае паспеў за яе зрабіць; і пра мамін родны дворык, з якога пачынаюцца дарогі ў радзіму; і пра гарадскія сады, дабраце якіх сярод камяніц выжываць вельмі цяжка і пра белыя панамкі на дзецях, дзеля якіх мы не павінны забывацца на трывогі:

“…Давайце ўспомнім

Паранены выбухам ранак,

Дзіцячыя крыкі

Над вірам свінцовай вады...

Хай тыя журботныя

Плямкі дзіцячых панамак

Рака нашай памяці

Вечна нясе праз гады.”

(урывак з паэмы “Белыя панамкі").

 

Цэлая гамма пачуццяў выражаецца хоць бы ў такiм вершы, дзе чалавек з усiмi яго праблемамi ўспрымаецца ў неадрыўнасцi ад супярэчлiвага i неразгаданага жыцця прыроды, яе нечаканай зменлiвасцi, як часам, i неутаймаванасць i непрадказальнасць пачуццяў i ўчынкаў простага чалавека:

"Калышацца ліпень на ліпах,

На доўгіх галінах бяроз.

А вецер з дажджом і ва ўсхліпах

Адвечная скарга на лёс."

(урывак з верша “Калышацца ліпень на ліпах….”).

 

Святлана Басуматрава ў паэзii заўсёды выражае ўдзячнасць сваiм прамым i духоўным настаўнiкам, тым, хто аднойчы не даў расчаравацца ў жыццi, падтрымаў або проста сваёй грамадзянскай пазiцыяй i паэзiяй даваў прыклад адносiн да людзей i да часу. Нездарма, вiдаць, паэзiя старэйшага пакалення паэткай успрымаецца як сувязь часоў. Найбольш поўна гэта выражана ў вершы “Пераправа”, прысвечаным Аляксею Пысiну:

“Іх вершы — іскры Вечнага агню,

Пачэснага жыцця святая справа.

Іх вершы сёння – тая ж//пераправа,

Што шлях кароціць заўтрашняму дню”.

 

Такiя думкi выяўляюцца ў шматлiкiх вершах – прысвячэннях Друнiнай, Макаёнку i iнш. Вартаснасць паэзii, яе пранiкальная сутнасць выражаецца праз слова. Роднае слова, беларуская мова – гэта жыватворчая аснова ўсёй паэзii Басуматравай. Яна гэта паэтычна сфармулявала ў вершы «Калi гляджу ў восень на рабiну я…», што ўвайшоў у першую кнiгу:

“Калі гляджу увосень на рабіну я

І ліст маленькі на далонь лаўлю,

Зямлю сваю адзіную, любімую

У гэты міг яшчэ мацней люблю.

 

Не дай мне, лёс, радзімай быць забытаю.

Ад далячынь, вышынь і ад глыбінь,

Прайшоўшы нават зорнаю арбітаю,

Хачу вяртацца да яе рабін.

 

Не дай мне, лёс, забыцца мовы матчынай,

Бо без яе зраблюся немаўлём,

Ёй даражу, як самай шчодрай спадчынай,

Як восеньскай рабінай за сялом.”

 

Другі зборнік “Кветкі палявыя”, які вышаў у 1985 годзе, засведчыў любоў аўтара да роднай прыроды, да зямлі, да людзей, якія шчыра, самааддана працуюць на ёй. Ён ўжо назвай сваёй нібы падказваў, што паэтэса пасталела, стала значна глыбей і па-філасофску абагульнена разглядаць тэмы, якія дасталіся ў спадчыну ўсяму чалавецтву. Паэтэса справядліва лічыла, што як бы там ні было, але дабро заўсёды перамагала зло, а чалавечнасць, дабрыня, шчырасць будзе стаяць на першым месцы ў шэрагу найлепшых якасцей і ўласцівасцей жывой душы.

Галоўная тэма, якая пранізвае большасць вершаў, – спрадвечная тэма вайны і міру, і вырашаецца яна ў асноўным у развагах Святланы Басуматравай пра мінулую, Вялікую Айчынную вайну, пра супярэчнасці і складанасці сучаснага свету. Паэтэса вельмі тонка адчула ўсю сур’ёзнасць становішча зялёнай планеты зямля, якой зараз, як ніколі, пагражае “жахлівай жменяй попелу сівога” нават сам заўтрашні дзень, дзе ўсё можа вырашыцца за лічаныя страшныя імгненні. Чалавецтва даўно жыве на зямлі, але яшчэ ніколі “праблема” жыцця не стаяла так востра і так актуальна, як у нашыя дні. Паэтэса горача заклікае сучаснікаў, усіх людзей планеты аб’яднаць свае намаганні ў барацьбе за мір.

Старонку нашу не раз палілі і рабавалі ворагі, але ўсім Белая Русь давала належны адпор, нікому не даравала зла і разбояў, здзекаў і слёз мацярок. З старажытных сівых часоў  вядзецца добрая традыцыя, што калі праважалі на службу, то давалі яму наказ : служыць добрасумленна і чэсна, не ганьбіць заваяваную дзядамі  і бацькамі славу. А ў наш час да ўсяго гэтага далучыўся яшчэ і славуты марш “Развітанне славянкі”. Ён першы сустракае воінаў і пад яго гукі дэмабілізаваныя салдаты пакідаюць гарнізонны пляц. Вельмі добра змагла паэтэса перадаць значэнне гэтага бессмяротнага марша мірных людзей. У кожнага з ім звязаны нейкія успаміны, надзеі, мары: старыя ўспаміналі нялёгкія дні вайны, загінуўшых сяброў, жанчыны, нявесты і маці – сваіх любых сыноў, якія неслі на неабдымных прасторах нашай радзімы нялёгкую службу, і ўсе людзі разам спадзяваюцца, вераць, што менавіта гэтая мелодыя прагучыць як своеасаблівы гімн апошняму стрэлу на нашай планеце:

“… Нашчэнт хай араты знішчае,

Няхай лебядой зарастуць зямлянкі,

Хай мір і спакой на зямлі абвяшчае

Адвечны матыў" –

                                  “Развітанне славянкі”.

(урывак з верша “Знаёмы матыў”).

 

Вельмі ўдалымі атрымаліся вершы, на думку Аляксея Ненадаўца, дзе аўтар зборніка звяртаецца да традыцыйных вусна-паэтычных вобразаў–сімвалаў, самога “стылю народнага маўлення”. Такія творы нагадваюць знаёмыя песні і казкі, шырокія жытнёвыя палі і густыя лясы і ўсё гэта асацыіруецца ў нашых думках са словамі Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына... Так, верш “Перапёлачка”, увасабляе ў сабе нялёгкі шлях развіцця беларускага народа, яго багатую духоўную спадчыну, людзей , што жывуць на берагах Бярэзіны і Сожа, Піны і Дняпра.

У некаторых вершах паэтэса апавядае пра слаўныя старонкі гісторыі Бабруйска. Праходзячы па вуліцах горада, па яго плошчах і парках Святлана Басуматрава звяртае ўвагу на тое, што колькі выдатных людзей нарадзілася тут, жыло, працавала. Патрэбна адзначыць , што гэтыя творы вылучаюцца сваёй абагуленасцю, тыповасцю і менавіта гэтая абагуленасць раскрывае багаты духоўны свет персанажаў, іх цвёрдую, непахісную веру ў перамогу светлага будучага, у тое, што Дабро, праўда заўсёды пераможа Зло, Хлусню, Варожасць:

“… Над брукам абуджаным

Гучаць пазыўныя

Палаючы год:

“Я – Вера, я – Вера,

Я – Вера Харужая,

Бяссмертная вера

У бяссмертны народ.”

(урывак з верша “Вера Харужая”).

З вялікім смуткам успамінае Святлана Басуматрава родную вёску, “ліловае зарава бэзу”, якое быццам бы запрашае ў госці і разам з тым з кожнай такой сустрэчай паэтэсе становіцца ўсё цяжэй перажываць страты блізкіх і знаёмых людзей, тое, што ўжо ніколі не вернеш, што толькі бяссоннымі начамі напамінае аб сабе, ды хіба ў марах калі-нікалі прыблізіцца на імгненне і зноў бясследна прападае – далёкае пасляваеннае дзяцінства. Аўтар зборніка ўспамінае мінулае дзеля таго, каб параўнаць яго з сучасным, паглядзець на сённяшніх дзяцей з тых далёкіх саракавых.

Даволі часта С. Басуматрава звяртае свой паэтычны погляд на хараство, непаўторную прыгажосць простай беларускай прыроды. Менавіта ў лесе, дзе “зялёных дрэў трывожнае чаканне” супадае з настроем самой паэтэсы, ёй, як нідзе, добра думаецца, адпачываецца.

Самая любімая пара года – вясна набывае ў зборніку значэнне фальклорнай усемагутнай сілы, якая абуджае ўсё жывое на зямлі, прымушае адступіць мароз і завеі, а на іх месцы прыходзяць лагодны ветрык-весялун ды ласкавае сонейка. Паэтэса параўноўвае стан прыроды і стан чалавека, падкрэслівае, што і прырода можа злавацца, “плаціць” чалавеку за зло і ласку і, нават, заступацца, у некаторых выпадках, за тых людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім духоўным стане:

“… Сяброўка, пойдзем пацямнеўшым борам,

Павер, жыццё клясці няма прычын.

Аб тым, што несур’ёзна – пагаварым.

Аб тым , што набалела – памаўчым.”

(урывак з верша “...Святлом празрыстым набрыняла поўня”).

А там дзе вясна, там заўсёды каханне, пералівістыя спевы салаўёў, блуканні па вясновым лесе і першыя пацалункі. Паэтэса сцвярджае, што сапраўднае каханне заўсёды прысутнічала і будзе прысутнічаць сярод людзей, бо яно “рух жыцця”, бо ўдваіх намнога лягчэй пераносіць жыццёвыя нягоды. Некаторыя вершы, прысвечаныя каханню, вызначаюцца тонкім лірызмам, лёгкім замілаваным гумарам:

“… Ды і як тут не ўсміхнуцца:

Пацалунак – цераз плот.

Ёй, суседцы – васемнаццаць,

А суседу – дваццаць год”.

(урывак з верша “Растае за самалётам…”).

Асобныя творы прысвечаны Жанчыне, яе самахвярнай барацьбе ў імя міру, вызвалення радзімы ад фашысцкіх захопнікаў, самаадданай працы, дзеля паляпшэння дабрабыту савецкіх людзей і імкненню ўсіх мацярок свету змагацца за мір паміж краінамі і народамі:

“… Жыві заўжды пад гэтым вечным небам,

І мірам будзь і будзь святлом і хлебам,

Каханай, маці, жонкаю, сястрою,

Жаданаю жанчынаю зямной”

(урывак з верша “Жанчына”).

 

Працягам гэтых жа матываў з’ўляеца і трэці зборнік Святланы Басуматравай “Званы чалавечнасці”, які выйшаў у 1988 годзе. Зборнік “Званы чалавечнасці” – гэта непаўторнае філасофскае асэнсаванне найбольш глабальных агульначалавечых праблем. Тут ужо аўтар звяртаецца не проста да лёсу нейкага канкрэтнага чалавека, а да лёсаў цэлых народаў.

Так, аўтар зноў звяртаецца да памяці тых людзей, якія ў суровыя ваенныя гады адстаялі незалежнасць нашай Радзімы, не пашкадавалі самага дарагога, што было, – іх жыцця ў імя перамогі над ворагам. Большасць з іх загінула зусім яшчэ маладымі, не паспеўшымі пакахаць, здзейсніць сваіх мар. І ў нашай памяці, сцвярджае Святлана Басуматрава, не прыйшоўшыя з ваенных палёў назаўсёды застануцца маладымі:

“… Каму, зязюля,

Лічыш ты гады,

Ці не яму?

Яго схаваў пагорак

Пад зоркай,

Што з сузор’я вечных зорак.

Даўным-даўно

Было б яму за сорак,

А ён і сёння

Гэткі ж малады.”

(урывак з верша “Не дым вайны”).

 

Тэма мілай сэрцу паэтэсы магілёўшчыны арганічна ўплятаецца ў канву зборніка. Яна ў думках залятае ў родныя мясціны. Недзе там, за сінім туманам успамінаў, жывыя бацькі, рана памёршыя таварышы, непаўторныя краявіды родных прастораў:

“… Ды ёсць куточак

Ціхае радзімы,

Дзе твой прыход у свет

На схіле дня

Віталі колісь

Сціплыя радзіны.

Там што ні двор,

То шчырая радня.”

(урывак з верша “Вечная любоў”).

 

Паэтэса вельмі чула ўспрымае не толькі боль чалавечай душы, але і боль роднай прыроды, тым больш што над ёю здзекваецца той самы чалавек, якому вельмі часта бывае не па сабе ад таго, што навокал не стала шумлівых бароў і непраходных (але такіх неабходных) багнаў, чыстых вадаёмаў і рэчак. А што застанецца нашчадкам? Вось пытанне, якое неадступна хвалюе Святлану Басуматраву. Так, беларускія адвечныя працаўніцы-рэкі і тыя абмялелі, забруджаны, і толькі актыўны, свядомы ўдзел многіх людзей у барацьбе за захаванасць навакольнага асяроддзя можа іх выратаваць, інакш:

“… Што ў спадчыну пакіне

Гэты век,

Захоплены

Патрэбамі мінутнымі?

Даруй, рака,

Не бог, а чалавек

Забрудзіў дно

І хвалі робіць мутнымі.”

(урывак з верша “Маёй рацэ”).

 

У 1991 годзе выходзіць чацвёрты зборнік Святланы Басуматравай “Далеч-далячынь”.

Марына Барсток сцвярджае, што зборнік “Далеч-далячынь” не так геаграфічнага, як эстэтычнага напаўнення. Маюцца на ўвазе бязмежныя далячыні мастацтва, якія з узростам і вопытам творцы раскрываюцца ўсё паўней, патрэбнае слова прыходзіць без натугі, як дыханне. “Сэрцу блізкая далячынь” – гісторыя роднага краю, яго легенды, паданні. Нездарма асобныя вершы называюцца: “Мастацтва”, “Дэбют”, “Творчасць”. Цяжкі, няпросты працэс паэтычнай творчасці, калі паэтэса перажывае напружанне душэўных сіл, таленту, уменне разумець чужыя пакуты і боль:

“… Ці будуць

Аксамітная заслона

І з ружамі

Узрушаны глядач...

А покуль –

Рэпетыцый пот салёны,

І ўпартасць пошуку,

І прыкры боль няўдач."

(урывак з верша “Мастацтва”).

 

Запаветнае слова пра паэзію і мастацтва сустракаецца ў вершах, прысвечаных Пімену Панчанку, Аляксею Пысіну, Уладзіміру Высоцкаму, Андрэю Макаёнку. З асаблівай павагай паэтэса гаворыць пра Пімена Панчанку:

“… Сярод паэтаў сённяшніх

Вы – самы малады”.

(урывак з верша “Пасляюбілейнае Пімену Панчанку”).

 

Шмат вершаў Святлана Басуматрава прысвяціла памяці салдата вайны  Аляксею Пысіну. Ён для яе – высокі патрыёт Айчыны і выхавальнік:

“… І стаў мне бацькам хросным

У храме

Вершаванага радка”).

(урывак з верша “Сон-трывога”).

 

У зборнiку «Далеч-далячынь”  паэтэса звяртаецца да маці з пдзякай за падараванае жыццё, расказвае пра цяжкi лёс бацькоў у перыяд вайны i просiць прабачэння:

“… Даруй, матуля,

Доччыну віну,

Якую не заусёды адчуваю.

I рэзкай,

I нястрыманай бываю”.

(урывак з верша “Матуля”).

 

Паэма “Незабудкі памяці” – пра трагічны час культу асобы, рэпрэсіі супраць нявінных людзей, памяць пра тых, хто аддаў жыццё за Радзіму, клопаты і трывогі сучасніка, вернасць высокім ідэалам. Шчырасць і непасрэднасць пачуцяў – галоўнае ў лірыцы паэтэсы.

Асобныя вершы зборнiка прысвечаны тэме барацьбы за мiр, дружбы народаў.

Творы Святланы Басуматравай змяшчаліся ў часопісах: “Адукацыя і выхаванне”, “Алеся”, “Беларусь”, “Маладосць”, “Нёман”, “Полымя”, “Работніца і сялянка”, “Родная прырода”, “Роднае слова”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Магілёўская праўда”, “Магілёўскія ведамасці”, “Камуніст” (пазней “Бабруйскае жыццё”), “Вечерний Бобруйск”, “Бобруйский курьер”, “Трыбуна працы” і інш., у шматлікіх зборніках: ”Адданасць”, “Дзень паэзіі”, “Агледзіны”, “Анталогія баларускай паэзіі”, “Зорка Палын”, “Родная песня”, “Братэрства”, “Па праву жывога”, “Галасы Прыдняпроўя : Магілеўшчына літаратурная” і інш.

У паэзii Святланы Басуматравай ёсць адметнае, сваё, у пэўнай ступенi дапаўняючае скарбонку беларускай паэзii. Яе шчырыя, дакладныя, на першы погляд зусім простыя радкі добра раскрываюць душу гераіні, яе памкненні падзяліцца самым важным і запаветным. Вершы вызначаюцца глыбінёй думкі, шчырасцю і непасрэднасцю пачуцця, праўдзівасцю дэталей і лёгкасцю мовы, уменнем бачыць паэзію ў будзённых з’явах жыцця.

Кветкі палявыя
Белая Бярэзіна
Званя чалавечнасці
Далеч-далячынь
bottom of page