top of page

Маёй мілай сэрцу Бабруйшчыне

Родны горад

Узняўся горад мой

На беразе высокім

Зусім не гаваркой

Бярэзіны–ракі,

Што да Дняпра цячэ,

І светлыя аблокі

Над горадам плывуць

Павольна, як вякі.

 

На беразе крутым

Устану на прадвесні,

І мне напомніць крыг

Непераможны рух

Зубцы драўляных стрэх

Сівой славянскай весі

І мовы продкаў нашых

Мілы сэрцу гук.

 

Адчую скрозь вякі

Пажараў дым барвовы,

Засілле моў чужых

І іншых рас прыгнёт,

Бо вабіў іх спрадвеку

Цёмны мех бабровы,

І карабельны лес,

І бурштыновы мёд.

 

Мой горад, бачыў ты

Татар нахабных орды,

Тэўтонскіх рыцараў

І польскіх ваявод.

Тапталі гонар твой,

А ты застаўся гордым,

Няскораным застаўся

Ты і твой народ.

 

Ты выстаяў і усё ж

Застаўся беларускім,

Свабодным, як твая

Вялікая радня.

Далёкі продак мой

Назваў цябе Бабруйскам,

І ты збярог імя

Да сённяшняга дня.

 

Якім пяром пісаць

Гісторыю тваю?

Гісторыя твая –

Гісторыя Радзімы.

Так я зямлі сваёй

Абшары пазнаю

Па кветачцы адной,

Па кусціку адзіным.

 

Калонкай гучных дат

Яе не ахапіць,

О, не… Яе дыханне

Адчуваю сэрцам,

Калі бяссонны дождж

Над прыстанню шуміць,

Калі ў застоллі песня

Даўняя пяеца.

 

Калі ў пахмурны час

З Бярэзіны вятры

Пагрозліва гудуць

Над крэпасцю старою.

Калі чуваць шчаслівы

Гоман дзетвары

На вуліцах тваіх

З імёнамі герояў.

 

Калі кране ўсход

Дзевяты твой паверх,

І, як жывы, Ільіч

На пастаменце строгім,

Імклівую далонь

Ускінуўшы уверх,

Вітае новы дзень

На плошчы Перамогі.

Маёй мілай сэрцу Бабруйшчыне

Расцвітаюць сады

На Бабрйшчыне мілай,

У духмяным тумане

Дамы і двары.

Гэтак звонка спявала,

Гэтак палка любіла,

Ды не вернеш цяпер

Той чароўнай пары.

Як хацелася жыць,

Танцаваць і смяяцца,

І з пяшчотай увесь

Белы свет абдымаць.

Нібы павадак весні,

Прашугала юнацтва,

І нікому не дадзена

Час супыняць.

Толькі памяці нашай

Няма адпачынку,

І калі ў наваколлі

Квітнеюць сады,

Адчуваю ў сабе я

Гарэзу-дзяўчынку,

Чую сэрцам сваім

Яе смех малады.

Бывай Бярэзінскі фарштат

Жыве мая бабуля на фарштаце,

Жыве ля самай рэчкі, на гары.

Блукае зайчык сонечны па хаце,

Ды сцеле лісцем сцежку клён стары.

У душы – удзячнасць сонечнаму лету

За гоман хвалі, за духмяны сад.

І не пытай, ці скора я прыеду.

– Бывай, бывай Бярэзінскі фарштат.

Знямелых дрэў трывожнае чаканне,

Пажоўклых траў і кветак забыццё…

Тут і прыйшло жаданае каханне

На светлы міг, а мо й на ўсё жыццё.

А мо за жоўталістай мітуснёю,

Калі пачнецца першы снегапад,

І гэты міг пакажацца хлуснёю…

– Бывай, бывай Бярэзінскі фарштат.

Зямлі нікуды ад зімы не дзецца.

Крык жураўліны над журбой палёў.

Я ведаю, што мне не давядзецца

Да спаленых выртацца караблёў.

Да той шчакі мне больш не дакранацца.

Мой лістапад, пара смугі і страт.

Вось і аўтобус з нумарам “трынаццать”,

– Бывай, бывай Бярэзінскі фарштат.

Сацыялка

– Сацыялка, Сацыялка,

Памяць юнае пары.  

Дзе ж цяпер вы, Магда, Алка,

Дзе ж вы, даўнія сябры?

Усіх нас вуліца збірала

З розных сем’яў, з розных школ.

Нас не надта хвалявала,

Хто яўрэй з нас, хто “хахол”.

Важна знаць: цішком, як скнара,

Ты свой пернік не з’ясі.

Нават пад пагрозай кары

Сябрука не прадасі.

Мы мужнелі, мы сталелі,

Нас не вельмі лашчыў свет.

Мы з маленства разумелі,

Што за звер “ніто кін гелт…”

Абуждалі ў сэрцы мары:

Пляж, кіно і стадыён.

Як усхліпвалі гітары,

Як рыдаў акардэон…

Патаемныя любошчы,

Лаўка, месяц–маладзён…

Помнік–танк стаіць на плошчы –

Сведка тых начэй і дзён.

Міліцэйская мігалка

Абнаўляе краявід. –

—Сацыялка, Сацыялка,

Зноў ты цягнеш, як магніт.

Шлюць паклон зямны і палкі

Эмігранты праз радню,

Не заменяць Сацыялкі

Ім ні “стрыт”, ні “авеню”.

Сацыялка, ужо не тыя

У цябе гаспадары:

На рагу – хлапцы крутыя,

Камерсанты, гандляры.

Хоць бяжыш і зараз прама

Ад чыгункі да ракі,

Злева – крама, справа – крама,

Тут – кіёскі, там – ларкі.

Вось і сквер. Пад ёлкай галка

Нешта весела дзяўбе…

— Сацыялка. Сацыялка,

Не пазнаць цяпер цябе.

Не пазнаць па гэтым часе

Усе дамы, двары твае.

Толькі назва засталася,

Мабыць, зменяць і яе…

Гимн городу

Над Березинской вольной волною

Ты раскинулся город родной.

Тут объята ночной тишиной

Дышит крепость седой стариной.

 

Мой родительский домик ютится

Там, где к речке обрывистый спуск.

Но не зря далеко за границей

Знают люди про город Бобруйск.

 

Я люблю твои зимы и весны,

И над крышами месяца серп.

Я люблю корабельные сосны,

Что собой украшают твой герб.

 

Дорог мне запах яблок медовый

И окраин зеленый простор.

Драмтеатр и дворец твой Ледовый,

И твой символ – забавный бобер.

 

Бобруйчане везде среди лучших,

И навечно останется след

От твоих музыкальных, научных,

Трудовых и спортивных побед.

 

Мы гордимся бобруйской пропиской!

Пусть тревожит наш утренний сон

Звон медалей твоих олимпийских

И церквей твоих благостный звон.

Завулак,

Ціхі мой прытулак,

Сюды вяртаюся я

Зноў.

Салодкі пах

Святочных булак

У дыме

З белых каміноў.

 

Ад рэчкі вее

Ветрык колкі,

А бераг –

Нібы з палатна.

І калярова ззяюць

Ёлкі

Салютам

З кожнага акна.

 

Той кут,

Дзе памагаюць сцены.

Сякерай гакае

Сусед.

І кожны дах

Тэлеантэнай

Глядзіць напружана

Ў сусвет.

Бярэзіна ты мая белая,

Світальны туман у ляску.

Трава ад марозу ссівелая

Ды лодка на жоўтым пяску…

Бярэзіна ты мая чыстая,

Сумуюць твае берагі,

І свята тваё прамяністае

Мінула, як сон дарагі…

Бярэзіна ты мая ціхая,

Шчэ вернецца наша вясна,

І сонца, і бусел з бусліхаю,

І радасць, і ўсплескі вясла…

Спіс літаратуры:

  1. Басуматрава, С. Базар : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Белая Бярэзіна : вершы. — Мінск, 1981. — С. 30.

  2. Басуматрава, С. Пускай мальчишки кормят голубей : [стихотворение] / Святлана Басуматрава // Камуніст. — 1982. — 15 мая. — С. 3.

  3. Басуматрава, С. Бярэзіна ты мая белая... : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Кветкі палявыя : кніга паэзіі. — Мінск, 1985. — С. 34.

  4. Басуматрава, С. Завулак, ціхі мой прытулак.. : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Званы чалавечнасці : вершы. — Мінск, 1988. — С. 157.

  5. Басуматрава, С. Родны горад : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Званы чалавечнасці : вершы. — Мінск, 1988. — С. 51—53.

  6. Басуматрава, С. Сацыялка : [верш] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 1996. — 13 лютага. — С. 3.

  7. Басуматрава, С. Бярозка : [верш] / Святлана Басуматрава // Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 1996. — 22 лістапада. — С. 2.

  8. Басуматрава, С. Дзень горада : [верш] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 2000. — 28 чэрвеня. — C. 1.

  9. Басуматрава, С. Плошча Перамогі : [верш] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 2003. — 8 мая. — С. 1.

  10. Басуматрава, С. Дзень горада – слаўнае свята… : [верш] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыцце. — 2008. — 27 чэрвеня. — C. 1.

  11. Басуматрова, С. Благодарны покупатели : стихотворение / Светлана Басуматрова // Бабруйскае жыцё. — 2008. — 25 ліпеня. — С. 2.

  12. Басуматрова, С. Мой Бобруйск хоть и стар, но он молод… : стихотворение / Светлана Басуматрова // Бабруйскае жыцце. — 2008. — 25 ліпеня. — C. 5.

  13. Басуматрова, С. Гимн городу / Светлана Басуматрова // Бабруйскае жыццё. — 2009. — 20 сакавіка. — C. 5.

  14. Басуматрава, С. Да Дня горада : [верш] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 2009. — 10 ліпеня. — C. 5.

  15. Басуматрова, С. Над березинской вольной волною... : [стихотворение] / Светлана Басуматрова // Бабруйскае жыццё. — 2011. — 29 чэрвеня. — C. 9.

  16. Басуматрава, С. Маёй мілай сэрцу Бабруйшчыне : [верш] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 2013. — 13 сакавіка. — C. 3.

  17. Басуматрава, С. Ля фантана, ля фантана..: [верш] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 2013. — 29 мая. — C. 1.

  18. Басуматрава, С. Наш сонечны вянок : [верш пра "Вянок дружбы"] / Святлана Басуматрава // Бабруйскае жыццё. — 2015. — 24 чэрвеня. — С. 1.

bottom of page