top of page

Мой радавод

“Бацькоўскае прозвішча”
Мой бацька родам
З крычаўскіх мясцін.
Ён прозвішча насіў
Басуматораў.
І гэты басавіты
Роў матораў
З не вельмі даўніх,
Як відаць, часін.

Ён ваяваў.
Паранены ён быў.
Шпіталі,
Быццам лента кінакадраў.
І апынуўся бацька
Басуматраў –
Ваенны пісар
Літару згубіў.

А прозвішча –
Не капялюш, насі.
І землякоў здзіўляла –
Басуматраў?
З арды
Ці, можа, з вострава Суматра,
Але ж не беларускае
Зусім.

Свае складаю
Шчырыя радкі
На мове продкаў я,
Па–беларуску
На мамінай Радзіме,
У Бабруйску,
На беразе
Бярэзіны–ракі.

Было ў мяне каханне,
Не схлушу,
Ды я вяселля з любым
Не згуляла
І прозвішча па мужу
Не мяняла –
Я прозвішча бацькоўскае
Нашу.

Аб каранях
Дарэмна не гадай:
Не знаўшы,
Памыліца вельмі проста.
Па прозвішчы
Не сустракаю цёзкаў,
Хаця радня па бацьку
Ёсць, бадай.

Вось гэткі лёс
У прозвішча майго,
Адзінага…
І ўсё–ткі ведаць здорава,
Што на Сажы
Жывуць Басуматоравы
І мы –
Галінкі дрэва аднаго.

Басуматрава, С. Бацькоўскае прозвішча : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч–далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 33—34.

“Бацькоўскі дом”

Прывычная

Зімовых святаў рыска –

Марозны пах

Падсіненых гардзін…

Хаўтур нямала бачыў

І радзін,

Бацькоўскі дом,

Дзіцячых мар калыска.

 

У печы паліць мама,

Носіць вёдры

(Не самае сучаснае

Жытло),

Ды льецца з вокнаў

Роднае святло,

І кожнаю маснічынкай

Ты добры.

 

Выходзіць з моды рэч –

Зніжаем цэны.

Нямоднаму,

Няма табе цаны.

…Як зберагчы

Ад чэрствасці, маны,

Ад нашае міжвольнае

Віны

І ад сусветнай

Ядзернай вайны,

Бацькоўскі дом,

Твае старыя сцены?

Басуматрава, С. Бацькоўскі дом : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч–далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 30.

“Штрыхі да радаслоўнай”

Каб герб свой меў род мой,

Як некалі рыцарскі,

Былі б на ім

Хваля ды з хлебам ручнік.

Мой прадзед па бацьку

Быў булачнік крычаўскі,

А прадзед па маме –

Бабруйскі рачнік.

 

Ледзь зоймецца золак,

Крывымі завулкамі

Спяшаўся ўжо булачнік –

Рана ўставаў.

Як сонейка, круглымі,

Цёплымі булкамі

Мой прадзед Ісак

Гараджан частаваў.

 

І баржу цяжкую

Люляла Бярэзіна,

Трывожный гудок

Прыбярэжны туман.

Шмат грузаў па рэчцы

Было перавезена.

Служыў капітанам

Мой прадзед Іван.

 

Завейнаю сцюжай,

Спякотнаю млоснаю

Клясці або дзякаваць

Мне на вяку

За долю няпростую,

Долю зайздросную –

З людзьмі аб усім

Гаварыць у радку.

 

Ні жыць, ні пісаць

Не магу абыякава.

Ці ж вынашу той,

Запаветны, радок,

Каб быў ён патрэбны,

Як булка Ісакава,

Як той, у тумане,

Іванаў гудок?..

Басуматрава, С. Штрыхі да радаслоўнай : [верш] / Святлана Басуматрава // Басуматрава, С. Далеч–далячынь : вершы і паэмы. — Мінск, 1991. — С. 65—66.

bottom of page